Аўтарская мультыплікацыя ў школе

Стварэнне мультыплікацыйных фільмаў разам з вучнямі — выдатная магчымасць выхоўваць праз уласную дзейнасць, бо вядома, што дзеці лепш успрымаюць і запамінаюць тую інфармацыю, якую здабываюць самі. Аўтарская мультыплікацыя стварае спрыяльныя ўмовы для творчасці і рознабаковага развіцця школьнікаў.

Мультфільмы цікавы людзям любога ўзросту, бо застаўляюць паверыць у цуд. А калі гэты цуд — вынік уласнай творчасці? Тым больш!

У пазаўрочны час з вучнямі 5—6 класаў Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, псіхічнымі парушэннямі (цяжкасцямі ў навучанні) працуем па праграме інавацыйнага праекта “Арганізацыя комплекснага развіццёвага навучання і выхавання вучняў 5—6 класаў праз выкарыстанне на пазакласных мерапрыемствах анімацыйных тэхналогій” — іншымі словамі, займаемся стварэннем аўтарскай анімацыі. У першую чаргу нас цікавіць працэс работы над мультфільмам, падчас якога адбываецца маўленчае развіццё вучняў.

Работа па праграме інавацыйнай дзейнасці падзелена на два блокі: “Знаёмства з мультыплікацыяй” і “Стварэнне аўтарскай анімацыі”. На этапе “Знаёмства з мультыплікацыяй” вывучаем тэмы “Падарожжа ў цудоўны свет мультыплікацыі”, “Цікавая прафесія — мультыплікатар”, “Спыніся імгненне… Знаёмства з фотаапаратам”, “Анімацыйныя тэхнікі: жывыя карціны”.


Для таго каб скласці сцэнарый будучага мультфільма, шасцікласнікі вывучаюць літаратурны тэкст, біяграфію аўтара. Працуючы з творам, вучні характарызуюць кожнага персанажа, каб потым правільна перадаць знешнасць героя. Калі сцэнарый падрыхтаваны, пераходзім да стварэння дэкарацый і герояў, пасля робім шмат фота-здымкаў сцэн мультфільма (чым больш фота, тым больш рэалістычнымі будуць рухі герояў). Мантаж фільма робім у праграме Windows Movie Maker.

У праграме WMM можна не толькі рэдагаваць аўдыя- і відэафайлы, тут можна ствараць уласныя мультфільмы. Праграма падтрымлівае фарматы розных малюнкаў: png, gif, jpg і інш. Перамяшчаем у праграму ўсе створаныя кадры, а затым перацягваем іх на відэадарожку. Атрымліваецца відэа, якое мае вельмі маленькую хуткасць — 0,2 кадра за секунду. Каб гэта выправіць, максімальна памяншаем кожны кадр. Такім чынам, хуткасць падымецца да 7 кадраў за секунду. Гэтага дастаткова, каб мультфільм нармальна ўспрымаўся вокам.

Наступны этап дзейнасці — агучванне. Агучванне мультыплікацыйных фільмаў дапамагае ўдасканальваць навыкі выразнага чытання. Вучань пры праслухоўванні гуказапісу свайго маўлення адзначае памылкі, а пры паўторным запісе выпраўляе іх і стараецца больш не дапускаць. Затым дабаўляем гуказапісы на дарожку ў праграме Windows Movie Maker.

Дадаткам да мультфільма могуць стаць цітры з вясёлай музыкай. На жаль, Windows Movie Maker вельмі часта “павісае” пры рабоце з вялікай колькасцю кадраў. Таму рэкамендуецца часцей захоўваць праект. Стварэнне мультфільмаў у WMM выдатна падыходзіць для пачаткоўцаў-аніматараў.

Абавязковымі кампанентамі кожных заняткаў з’яўляюцца слоўнікавая работа, артыкуляцыйная гімнастыка, гімнастыка для вачэй, рэфлексія. Выкарыстоўваем віды дзейнасці, якія спрыяюць развіццю дробнай маторыкі і тактыльнай пачуццёвасці пальцаў: маляванне, лепка, аплікацыя. Гэта моцны стымул развіцця ў дзяцей увагі, памяці, мыслення, маўлення.

За час работы над інавацыйнай тэмай былі створаны мультфільмы “Чырвоная Шапачка і Шэры Воўк” у тэхніцы маляванай анімацыі; “Чарадзейнае слова”, “Лёгкі хлеб”, “Жылі-былі дзяўчынка і хлопчык…” у тэхніцы перасоўвання; “Што прыгажэй за ўсё?” у тэхніцы пластылінавай анімацыі; “Гульня” ў тэхніцы лялечнай анімацыі. Некаторыя з іх можна паглядзець у інтэрнэце, перайшоўшы па наступным адрасе: https://www.youtube.com/channel/UClLz7dURUlu_svIIKDvn_Og?view_as=subscriber.

У працэсе дзейнасці па стварэнні анімацыі вучні авалодваюць уменнем працаваць з рознымі відамі інфармацыі, у тым ліку графічнай, тэкставай, гукавой, далучаюцца да праектна-творчай дзейнасці, вучацца ствараць завершаныя праекты з выкарыстаннем асвоеных інструментальных камп’ютарных асяроддзяў (стварэнне міні-мультфільма, аплікацыйнай работы і інш.). Усё гэта садзейнічае праяўленню самастойнай творчай дзейнасці, развіццю дробнай маторыкі рук, развіццю прасторавага ўяўлення, лагічнага і візуальнага мыслення, фарміраванню першасных уяўленняў пра прафесіі, у якіх інфармацыйныя тэхналогіі выконваюць вядучую ролю, выхаванню пазітыўнага ўспрымання камп’ютара як памочніка ў навучанні, як інструмента творчасці, самавыказвання і развіцця.

Ірына ГАВАРОЎСКАЯ,
выхавальнік Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, псіхічнымі парушэннямі

(цяжкасцямі ў навучанні).