Асаблівая ўвага — асаблівая падзяка

Школа — гэта не толькі вучоба, мерапрыемствы, экскурсіі, але і сапраўднае сяброўства, званок у пачатку і канцы ўрока… Майму дзіцяці з-за жыццёвых акалічнасцей не пашанцавала браць удзел ва ўсіх радасцях школьнага жыцця. Карына ўжо 10 гадоў знаходзіцца на надомным навучанні сярэдняй школы № 12 Мазыра. Маё дзіця атрымлівае ўсе тыя веды, што і астатнія вучні ў школе.

Карыне пашанцавала з клапатлівымі педагогамі. У нас было некалькі настаўнікаў у пачатковым блоку, і менавіта яны навучылі маё дзіця любіць вучыцца, быць арганізаванай, стараннай. У сярэдняй школе, калі з’явіліся новыя прадметы і стала неабходнай прысутнасць у лабараторыі, у камп’ютарным класе, адміністрацыя школы знайшла выйсце.

Звычайна Карына займаецца па скайпе. А вось чацвер — той дзень, калі мы з ёй едзем у школу. У гэты дзень Карына піша самастойныя работы, праводзіць доследы па фізіцы і хіміі, вывучае камп’ютар. Таксама ў гэты дзень яна сустракаецца са сваімі аднакласнікамі. Карына кажа, што для яе вельмі важна наведваць школу, бо ў гэтым выпадку яна мае непасрэдныя зносіны з настаўнікамі і аднакласнікамі. Яны могуць проста пагаварыць пра жыццё, пра свае захапленні, сакрэты… Зараз мы з Карынай у санаторыі, але яна не марнуе час і працягвае займацца. Дарэчы, нам вельмі прыемна, што яе настаўнікі і аднакласнікі дасылаюць ёй прывітанні праз месенджары.

Вывучыцца на добрага настаўніка немагчыма — для гэтага трэба ад прыроды мець такт, дабрыню, цярпенне, чуласць, розум, спагадлівасць і шмат іншых чалавечых якасцей. Як жа нам пашанцавала, што нашы педагогі валодаюць усімі гэтымі якасцямі! Асобны дзякуй вам за ваш такт, мудрасць і душэўнасць у адносінах да маёй дачкі Карыны. Няхай у вас заўсёды будуць жаданне працаваць з дзецьмі, стымулы прыдумваць штосьці новае, а таксама матывацыя паспяхова рухацца па кар’ернай лесвіцы.

Алена КАНАНОВІЧ,
мама вучаніцы сярэдняй школы № 12 Мазыра Карыны Канановіч.