Арт–тэрапія: цікава і карысна

Выкарыстанне ў гульнях элементаў арт-тэрапіі займае дзяцей, яна не патрабуе дарагіх матэрыялаў і затрат. Арт-тэрапія “непрыкметна” і станоўча ўздзейнічае на эмацыянальны стан дзіцяці, “вылечвае” ад дрэннага настрою, узбуджанасці, агрэсіўнасці, развівае дробную маторыку рук, каардынацыю рухаў.

Гульня з пяском, як спосаб развіцця дзіцяці, вядома з даўніх часоў. Пясок — цудоўны прыродны матэрыял для развіцця сенсорнага ўспрымання навакольнага свету і развіцця маторыкі рук дзяцей.

Падатлівасць пяску абуджае жаданне ствараць з яго мініяцюрную карціну свету. Чалавек выступае ў пясочніцы як стваральнік — адзін сюжэт змяняе другі, нічога не разбураецца, проста старое ператвараецца ў нешта іншае.

Рэкамендаваныя матэрыялы для гульні з пяском і іншымі сыпучымі матэрыяламі: воданепранікальная драўляная скрынка або пластмасавы таз; чыста прасеяны пясок (лепш яго пракаліць у духоўцы), пясок запаўняе 1/3 ёмістасці; вада ў збане, каб можна было змачыць пясок; невялікія ёмістасці (мерныя шкляначкі, місачкі, талерачкі і інш.).

У пачатку гульні з пяском можна пазнаёміць дзіця з цацкай-пасрэднікам, такой, напрыклад, як “Пясочная фея”. Цацка павінна быць прыгожай і цікавай, яе можна выкарыстоўваць толькі ў пясочніцы, бо праз гэтую цацку бацькі тлумачаць дзіцяці ўсе правілы паводзін, забароны і заахвочванні. Неабходна сачыць за рэакцыяй дзіцяці пры маніпуляцыях з сухім і мокрым пяском. Калі ў дзіцяці ёсць непрыемныя адчуванні, нельга настойваць на працягу заняткаў у пяску. Дарослы спачатку паказвае ў пяску ўсе рухі, затым дзіця іх паўтарае, калі нешта самастойна зрабіць немагчыма, то выконвае разам з дарослым — “рука ў руцэ”.

Варыянты гульняў-практыкаванняў з пяском:

1. “Прывітанне, пясок!” — ад імя феі па-рознаму павітацца з пяском: дакранаючыся пальцамі адной, потым другой рукі; сціскаць кулачкі з пяском, потым высыпаць; дакрануцца да пяску ўнутраным, потым тыльным бокам далоні; пераціраць пясок паміж пальцамі.

2. “Пясочны дождж” — дзіця павольна, а потым хутка сыпле пясок са свайго кулачка ў пясочніцу, на далонь дарослага. Дзіця закрывае вочы і кладзе на пясок далонь з расстаўленымі пальчыкамі, дарослы сыпле пясок на які-небудзь палец, а дзіця паказвае гэты палец.

3. “Пясочны вецер” — дзіця дыхае праз трубачку, выдуваючы паглыбленні, пры выдыху дуе на свае далоні з пяском, здуваючы яго ў пясочніцу.

4. “Незвычайныя сляды”: “ідуць мядзведзяняты” — дзіця націскае кулачкамі на пясок; “скачуць зайцы” — кончыкамі пальцаў стукае па паверхні пяску; “паўзуць змейкі” — дзіця расслабленымі пальцамі рук робіць паверхню пяску хвалістай.

5. “Схавай ручкі” — дзіця хавае рукі ў пяску, ёмістасцях, напоўненых рознымі крупамі: ад дробных да буйных.

6. “Перасып крупы” — дзіця з дапамогай маленькай лапаткі, саўка або варонкі (можна і рукамі) перасыпае пясок або крупы з адной ёмістасці ў іншую.

7. “Гара пяску” — дарослы прапануе дзіцяці пабудаваць з пяску гару, вучыць яго заграбаць пясок лапаткай або далонню: “Вось якая высокая гара атрымалася!” Затым умацоўвае на вяршыні гары галінку або кветачку: “А на самай вяршыні вырасла кветачка! Давай пальём яе з лейкі, каб вырасла!”

8. “Хованкі” — дарослы хавае ў пяску маленькія фігуркі жывёл, людзей, цацкі (можна выкарыстаць ад кіндар-сюрпрызу): “Дапамажы мне знайсці непаслухмяныя цацкі, яны схаваліся ад мяне і не хочуць выходзіць. Мы з імі гуляем у хованкі!”

Для дадатковай матывацыі можна пакласці ў пясок любімыя цацкі дзіцяці, выкарыстоўваць сухі і мокры пясок, закопваць у пясок рукі і ногі, зрабіць адбіткі ў пяску слядоў рук і ног, запоўніць іх гіпсам, каб зрабіць злепкі, хаваць прадметы ў пяску (можна ўзяць, напрыклад, каменьчыкі, загорнутыя ў залатую і сярэбраную фольгу), маляваць розныя ўзоры на пяску граблямі, пальцамі, пэндзлікам, “пячы” піражкі з пяску, выкарыстоўваць падносы, лыжкі, ваду, муку і інш. Можна дадаць пясок у фарбу або клей.

Тэхналогіі пясочнай тэрапіі шматфункцыянальныя. Гульні з пяском маюць магутны рэсурс. Знешне простыя дзеянні: выліванне ў пясочніцу вады, перамешванне, вымешванне пясочнай субстанцыі, аддзяленне вады ад пяску, перасыпанне і перабіранне сухога пяску, закопванне дробных цацак — змяншаюць унутраную трывогу, дапамагаюць пераадолець негатывізм, зняць напружанне, такім чынам падрыхтаваць глебу для канструктыўных узаемаадносін бацькоў з дзіцем.

Марына ГУСАНКОВА,
педагог-псіхолаг Бялыніцкага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.