Арганізацыя перавернутага навучання ў профільным класе

У межах традыцыйнага падыходу, як правіла, 45 мінут урока настаўнік выкарыстоўвае для апытання па дамашнім заданні (15 мінут), тлумачэння новага матэрыялу (15 мінут) і замацавання. На апошні важны этап — замацаванне — застаецца ў лепшым выпадку 10 мінут. А яшчэ трэба памятаць пра рэфлексію, дамашняе заданне, выстаўленне адзнак… Калі я пачала весці ўрокі біялогіі ў профільным хіміка-біялагічным класе, зразумела, што для навучэнцаў з высокай матывацыяй гэтага недастаткова. Альтэрнатывай стала перавернутае навучанне.

На першым уроку я растлумачыла, як мы будзем працаваць на ўроках і абавязковых факультатыўных занятках. Для арганізацыі перавернутага навучання ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” стварыла групу “Біялогія на 100 балаў”, да якой далучыліся ўсе навучэнцы. А ў месенджары Viber стварыла групу для бацькоў.

Сутнасць перавернутага ўрока ў тым, што навучэнцы тэарэтычны матэрыял вывучаюць дома самастойна, напярэдадні ўрока. У школе практычна адпрацоўваюць веды, разбіраюць незразумелае і замацоўваюць матэрыял. Каб вывучыць тэорыю, навучэнцы ў сацыяльнай сетцы атрымліваюць спасылкі на відэаўрокі па новай тэме, мае прэзентацыі ці спасылку з інтэрнэту. Сама відэаўрокі я не здымаю, але абавязкова праглядаю відэа ці прэзентацыі, перш чым прапанаваць спасылку. Не прапаную вучням самім знайсці відэа, бо ў ім могуць быць памылкі ці цяжкія для ўспрымання моманты.

Добрыя відэаматэрыялы практычна па кожнай тэме можна знайсці на сайтах https://interneturok.ru, https://videouroki.net. Прэзентацыі для абагульняючага факультатыву па батаніцы, заалогіі, анатоміі можна знайсці на сайце https://dashkov.by. Прэзентацыі па ўсіх тэмах — на інтэрнэт-рэсурсах https://vk.com/biovk, https://vk.com/biology_teacher.

Акрамя прагляду відэа і прэзентацыі, навучэнцы абавязкова чытаюць параграф у падручніку па новай тэме, выпісваюць у сшытак тэрміны і адказ­ваюць на пытанні пасля параграфа. Такім чынам, на ўрок вучні прыходзяць, маючы пэўныя тэарэтычныя веды. Урок пачынаю з пытанняў і высвятляю, што было незразумела ці складана. Пытанні задаюць вучні, а я тлумачу. На гэта ідзе 10 мінут. На практычную адпрацоўку матэрыялу застаецца 30 мінут.

На ўроку арганізую групавую, парную, індывідуальную работу. Для групы прапаную рашэнне сітуацыйных задач, мадэляванне біялагічных працэсаў. У парах навучэнцы складаюць табліцы, схемы, шукаюць памылкі ў тэксце, правяраюць біялагічную тэрміналогію адно ў аднаго, выступаюць у ролі настаўніка. Індывідуальна працуюць над тэставымі заданнямі. Іх прапаную практычна на кожным уроку: мне важна бачыць ступень засваення матэрыялу.

Тэставыя заданні прапаную таксама ў групе або выкарыстоўваю свой сайт https://multiurok.ru/kudravets, які стварыла на рэсурсе “Мультыўрок”. Навучэнцы могуць перайсці па спасылцы, выканаць заданні і адразу атрымаць вынік з магчымасцю прагляду правільных і няправільных адказаў. Я ў сваю чаргу бачу вынікі і магу аналізаваць, што засвоена, а над чым трэба працаваць.

Што тычыцца выстаўлення адзнак: мы яшчэ ў верасні дамовіліся, што ёсць работы абавязковыя, кантралюючыя (тэматычны і тэставы кантроль, кантрольная, лабараторная, практычная работы), за якія адзнакі выстаўляю ўсім. Гэта вынік работы на некалькіх уроках. Адзнаку за работу на ўроку выстаўляю па жаданні вучняў, таму яны актыўна працуюць, не баяцца памыляцца, што спрыяе навучанню. Для гэтай жа мэты выклікаю іх па жэрабю.

Дзякуючы перавернутаму навучанню, на ўроку з’явіўся час для рэгулярнага паўтарэння матэрыялу. Бо тое, што вывучалася на пачатку года, паступова забываецца. Мы дамовіліся ўключаць размінку — паўтарэнне раней вывучанага матэрыялу — у план кожнага ўрока. Размінка займае да 10 мінут. Эфектыўна яе арганізаваць дапамагае праграма SMART Notebook для інтэрактыўнай дошкі. Ёсць некалькі прыёмаў.

Напрыклад, прыём “Генератар выпадковых слоў — кубік”. Калі на кубік націснуць — словы мяняюцца. Можна задаць да шасці розных слоў. Прыём выдатна падыходзіць для паўтарэння хімічных элементаў і іх значэння ў арганізме, біялагічных тэрмінаў, функцый клетачных арганоідаў і многа чаго яшчэ. Пры гэтым эфектыўна арганізаваць работу навучэнцаў па ланцужку. Размінка прахо­дзіць хутка, і патрэбныя веды ўвесь час паўтараюцца.

Прыём “Высоўныя язычкі” дапамагае, калі нельга абмежавацца адным словам. Пытанні на кожным язычку розныя. Можа быць і задача. У гэтым выпадку даю мінуту ўспомніць, рашыць задачу. Акрамя таго, калі ёсць неабходнасць, вучні могуць паглядзець у падручнік, сшытак і ўспомніць інфармацыю. Для паўтарэння будовы арганоідаў клеткі і іх функцый выкарыстоўваю нямыя малюнкі. Варыянтаў размінкі можа быць шмат.

Увогуле, пры перавернутым навучанні на ўроку застаецца час для адпрацоўкі практычных уменняў. Ёсць магчымасць арганізаваць рэгулярнае эфектыўнае паўтарэнне матэрыялу, развіваецца самастойнасць вучняў і павялічваецца іх адказнасць. Да мінусаў адношу дадатковую нагрузку на навучэнцаў і на настаўнікаў, асабліва напачатку.

Святлана КУДРАВЕЦ,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 14 Мазыра.