Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Навагрудскага раёна ўключыўся ў рэалізацыю рэспубліканскага праекта “Зялёныя школы” яшчэ ў сакавіку мінулага года. Прадоўжылі прыродаахоўныя мерапрыемствы наведвальнікі аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Экалагічнае Свіцязянскае тэлебачанне”.
У дзельнікі праекта вырашылі вылучыць прыродаахоўную ініцыятыву па захаванні возера Свіцязь, што ўваходзіць у склад рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі”, паблізу якога і знаходзіцца ўстанова адукацыі. Неабходна да кожнага данесці думку пра тое, што, толькі зберагаючы прыроду, чалавецтва захавае само жыццё на Зямлі. Толькі ведаючы законы і таямніцы прыроды, мы зможам стаць яе вернымі сябрамі і памочнікамі.
На сустрэчу з удзельнікамі праекта была запрошана дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі” Кацярына Літвін, якая расказала аб канкрэтных мерапрыемствах па захаванні ўнікальнага возера Свіцязь і прылеглай тэрыторыі, якія рэалізуе заказнік, падзялілася планамі, запрасіла навучэнцаў школы да супрацоўніцтва.
Удзельнікі праекта Дамініка Пісарык і Мікіта Яўсей на інфармацыйнай гадзіне праекта ШАГ пазнаёмілі школьнікаў з запаветнымі месцамі Беларусі і мадэллю экалагічнай адукацыі ў дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Асобна спыніліся на рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Зялёныя школы”. У ходзе мерапрыемства А.Берзук і Я.Хоміч падзяліліся вынікамі даследаванняў, звязаных з возерам Свіцязь, прэзентавалі свае навукова-даследчыя работы, якія занялі прызавыя месцы на раённых конкурсах.
Удзельнікі сустрэчы не толькі адзначылі актуальнасць узнятых пытанняў, але і прапанавалі свае мерапрыемствы па захавані возера Свіцязь. Сярод прапаноў — распаўсюджваць сярод мясцовага насельніцтва і турыстаў буклеты аб ахове возера Свіцязь, праводзіць экалагічныя флэш-мобы, каб прыцягнуць увагу турыстаў, арганізоўваць штогод некалькі прыродаахоўных акцый і экалагічных свят.
У першыя дні змены школьнага аздараўленчага лагера “Экалагічнае Свіцязянскае тэлебачанне” пры падтрымцы дырэктара эколага-інфармацыйнага цэнтра рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі” дзеці арганізавалі экалагічную акцыю “Чалавек, азірніся!” па інфармаванні турыстаў, якія адпачываюць на берагах возера Свіцязь, правялі экалагічнае свята “Зямля — наш агульны дом”, знялі шэраг відэасюжэтаў з берага возера.
Кацярына ШАПЕЛЬ,
кіраўнік клуба захавальнікаў прыродных ландшафтаў, каардынатар праекта “Зялёныя школы”.