Агароднінны карагод

Кожную вясну ў нашым яслях-садзе “Васілёк” выхавальнікі разам з дзецьмі садзяць свае маленькія градкі. Юныя агароднікі з задавальненнем прымаюць удзел у пасадцы розных культур, сочаць за будучым ураджаем, а восенню — за яго зборам.

Агарод для нашай установы з’яўляецца лабараторыяй пад адкрытым небам. Гэта крыніца ведаў аб прыродзе. Нам важна ўвесці дзяцей у свет прыроды, сфарміраваць у іх веды аб яе аб’ектах і з’явах, выхаваць здольнасць бачыць прыгажосць роднай прыроды, любоў і беражлівае стаўленне да яе. Гэта магчыма толькі тады, калі ў дзяцей будуць хаця б элементарныя веды пра прыроду, калі яны авалодаюць нескладанымі тэхналогіямі вырошчвання раслін, вывучаць іх біялагічныя асаблівасці, навучацца бачыць прыгажосць прыроды.

Якраз для гэтага на тэрыторыі ўстановы і створаны свой агарод, які выступае ў якасці аб’екта экалагічнай сцежкі пад назвай “Дзіўнае падарожжа ў прыроду”.

Агарод ва ўстанове дашкольнай адукацыі з’яўляецца адной з умоў экалагічнага выхавання дзяцей. У працэсе назіранняў і пасільнай працы дзеці даведваюцца пра тое, што рост і развіццё раслін залежаць не толькі ад сонечнага святла, цяпла, вільгаці, глебы, але і ад догляду. Назіранне за ростам раслін, якія пасаджаны ўласнымі рукамі, дорыць дзецям незабыўныя моманты шчасця і захаплення. А сумесная праца дазваляе навучыцца адказнасці, спрыяе аб’яднанню дзіцячага калектыву, захаванню і ўмацаванню здароўя дзяцей.

Агарод у дзіцячым садзе — гэта яшчэ і магчымасць бачыць вынікі сваёй працы, а самы галоўны для дзяцей — збор ураджаю. Таксама ў пачатку восені ў нашай установе традыцыйна праводзяцца “Восеньскі кірмаш”, забава “Свята ўра­джаю”, выстава вырабаў з агародніны “Выдумшчыца восень” і інш.

Як жа зацікавіць сучасных малышоў агародніцтвам? Вырашыць гэтае пытанне нам дапамагла фантазія, а дакладней — цікавы падыход да стварэння градак. Супрацоўнікі нашага ясляў-сада “Васілёк”, вывучыўшы асаблівасці ландшафтнага дызайну, з вялікім творчым натхненнем стварылі яркі агарод, зрабіўшы яго адным з аб’ектаў эка-сістэмы ўстановы.

Пры стварэнні агарода аддалі перавагу невялікім квадратам-градкам у выглядзе яркіх “божых каровак”. Драўляныя каркасы засыпалі зямлёй. Градкі ўжо сваім знешнім выглядам прыцягвалі ўвагу не толькі малых, але і дарослых. Божую кароўку за яе яркую афарбоўку любяць усе дзеці. Гэтае мілае стварэнне часта малююць у дзіцячых кніжках і на адзенні. Яна з’яўляецца гераіняй многіх мультфільмаў.

У зручных драўляных каркасах — “божых кароўках” — дзеці сумесна з выхавальнікамі пасадзілі кроп, пятрушку, моркву, буракі, цыбулю, бульбу, кабачкі, агуркі. Гэтыя расліны былі выбраны невыпадкова, бо яны з’яўляюцца непатрабавальнымі культурамі, якія пры любых умовах вырастуць і дадуць ураджай, а таму не расчаруюць малых і дазволяц­ь захаваць пазітыўны настрой. Выбар гэтых раслін абумоўлены яшчэ і тым, што яны з’яўляюцца складнікамі меню ўстановы.

Паміж градкамі пакінулі адлегласц­ь шырынёй сто сантыметраў, каб дзеці маглі свабодна праходзіць паміж імі, не пашкоджваючы пасадкі, а выхавальнік мог арганізаваць дзейнасць і назіранні. Назва агарода — “Агароднінны карагод”. Каля кожнай градкі зрабілі шыльды з абазначэннямі агародных культур у выглядзе малюнкаў, паколькі нашы дзеці яшчэ не ўмеюць чытаць.

Крыху воддаль размяшчаюцца кветнікі, якія надаюць “агародніннаму карагоду” яшчэ больш яркасці, эстэтыкі і каларыту.

У нашага вялікага агарода ёсць маленькая асаблівасць — лячэбная. На яго тэрыторыі размясцілася асобная градка пад назвай “Аптэкарскі агарод”, якая была створана, каб паказаць дзецям разнастайнасць лекавых раслін, іх біялагічныя асаблівасці. Тут растуць мята перцавая, календула лекавая, шалфей, меліса лімонная.

Для працы на агародзе дзеці карыстаюцца лапаткамі, вёдрамі, лейкамі, граблямі, якія бяспечныя ў выкарыстанні, адпавядаюць іх узросту. Пасля заканчэння працы садовы інвентар чысцім ад зямлі, абмываем і прасушваем.

На нашым цудоўным агародзе вучым дзяцей паліванню, рыхленню, праполцы, тлумачым, што зямлю рыхляць для таго, каб да каранёў раслін лепш паступала паветра, вучым адрозніваць культурныя расліны ад пустазелля. Такая дзейнасць з’яўляецца складнікам экалагічнага выхавання. Развіццёвае асяроддзе агарода служыць не толькі аб’ектам і сродкам працоўнай дзейнасці дзіцяці, але і дазваляе сфарміраваць пазнавальную цікавасць, стварае перадумовы для пошукавай дзейнасці, развівае ўважлівасць, назіральнасць, навыкі бяспечных паводзін падчас догляду раслін агарода.

Такая праца магчыма толькі пры правільным кіраўніцтве з боку выхавальніка і выкананні ўсіх мер бяспекі. Для педагогаў распрацаваны рэкамендацыі па арганізацыі работы з дзецьмі на экалагічнай сцежцы: пасадка насення на расаду, прагулкі і назіранне за з’яўленнем раслін у вясновы час, за іх ростам, параўнанне розных раслін на працягу вясновых, летніх і восеньскіх месяцаў, назіранне і збор насення раслін, гутаркі з дзецьмі пра карысныя ўласцівасці раслін і іх пладоў, гульні з дзецьмі “Мы расліны”, “Чым карысны?”, “Чый лісточак?”, “Вяршкі-карэньчыкі”, “Агарод” і інш. Выхавальнік павінен усяляк падтрымліваць у дзяцей цікавасць, здзяйсняць разам з імі адкрыцці ў працэсе назірання і догляду раслін.

З дапамогай такой яркай экалагічнай прасторы мы вучым нашых выхаванцаў бачыць і разумець прыгажосць прыроды, беражліва адносіцца да ўсяго жывога.

Надзея ДУДКО,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 42 Гродна.