“Адзінства” пад “Пунсовымі ветразямі”

Пра тое, што журналістыка — справа захапляючая і пазнавальная, вучні Каранёўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Светлагорскага раёна ведаюць не па чутках. З 2010 года ва ўстанове адукацыі працуе вучнёўскі прэс-цэнтр “Адзінства” — медыягрупа актыўных, мэтанакіраваных і неабыякавых да сваёй справы вучняў.

“Адзінства” з’яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі аб вучнёўскіх ініцыятывах, падзеях і мерапрыемствах, што адбываюцца ў сценах установы адукацыі і за яе межамі. Галоўны тут — вучань, аўтар і чытач у адной асобе. Асноўныя прынцыпы работы вучнёўскага прэс-цэнтра — дакладнасць, актуальнасць, аператыўнасць. Карэспандэнты “Адзінства” публікуюць свае матэрыялы ў школьных выданнях, на афіцыйным сайце ўстановы адукацыі, у раённай газеце “Светлагорскія навіны”, а таксама паспяхова прымаюць удзел у творчых конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Часопіс “Скарбніца” — дэбют на ніве школьнага друку

Адзінаццаць гадоў назад школьны прэс-цэнтр “Адзінства” дэбютаваў з першым друкаваным выданнем — часопісам “Скарбніца”, які даў магчымасць чытачам далучыцца да скарбніцы нацыянальнай літаратуры, культуры і навукі. Дэбют прэс-цэнтра аказаўся ўдалым: рэдкалегія часопіса “Скарбніца” стала лаўрэатам Гомельскага адкрытага абласнога фестывалю газет і часопісаў устаноў адукацыі, пры­свечанага Дню беларускага пісьменства.

Часопіс “Літарынка” — дадатак, прадыктаваны часам

У сувязі з уступленнем у сілу Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” прэс-цэнтр “Адзінства” актыўна ўключыўся ў работу па рэалізацыі палажэнняў закона. Для асэнсавання і засваення правіл беларускай арфаграфіі мы стварылі дадатак да часопіса “Скарбніца” — часопіс “Літарынка”. Апраўдваючы сваю назву, кожны выпуск прысвячаўся пэўнай літары, пэўнай арфаграме, у напісанні якой адбыліся змены. У выніку маленькія і дарослыя чытачы з дапамогай вясёлых, дасціпных і пазнавальных рубрык неназойліва вучылі новыя правілы.

Газета “Гартаючы лісты календара…”

У 2014 годзе прэс-цэнтр “Адзінства” распачаў рэалізацыю новага праекта — выпуск школьнай газеты “Гартаючы лісты календара…” Газета знаёміла чытачоў з асноўнымі падзеямі культурнага і літаратурнага жыцця школы, раёна, краіны і з’яўлялася трыбунай для ўсіх вучняў, бо кожны меў магчымасць выказацца на яе старонках. Усе, хто мае творчы патэнцыял, нестандартнае бачанне і ўменне дакладна і яскрава выказваць думкі, былі запрошаны прыняць непасрэдны ўдзел у стварэнні газеты, якая ў выніку атрымала 1-е месца на раённым конкурсе школьных газет.

Газета “Ліхтарык” як сімвал святла і ведаў

Інфармацыйнае друкаванае выданне прэс-цэнтра “Адзінства” на сучасным этапе — гэта газета “Ліхтарык”. Яна расказвае пра школьнае жыццё ў самым шырокім сэнсе: тут кола інтарэсаў вучняў, іх клопаты і пошукі, іх агульныя радасці, сумненні і адкрыцці. Гэта своеасаблівы школьны летапіс.

На крылах “Свежага ветру” пад “Пунсовымі ветразямі”

У 2016 годзе рэдкалегія газеты “Ліхтарык” прыняла ўдзел у XІІ Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер”. У выніку адборачнага этапу членаў рэдкалегіі запрасілі на профільную змену “Прэс-перспектыва” ў НДЦ “Зубраня”. Юныя журналісты змаглі многаму навучыцца, павысілі прафесійнае майстэрства і атрымалі каштоўны вопыт. Са змены “Прэс-перспектыва” ка­рэспандэнты прывезлі мноства новых ідэй, а таксама імкненне “запальваць” “Ліхтарык” на больш высокім узроўні. Таму рэдкалегія газеты прыняла ўдзел у ХІV Рэспубліканскім фестывалі школьных СМІ “Пунсовыя ветразі”, які праводзіцца па ініцыятыве часопіса “Народная асвета” РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”. На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў фестывалю членам рэдкалегіі “Ліхтарыка” былі ўручаны дыплом у намінацыі “За яркае паліграфічнае выкананне” і каштоўны прыз.

“Ліхтарык” запальвае новыя таленты

На працягу свайго існавання школьны прэс-цэнтр выпусціў некалькі пакаленняў юных карэспандэнтаў. Некаторыя з іх дагэтуль актыўна супрацоўнічаюць з “Адзінствам”, дасылаюць допісы, дапамагаюць з рэдагаваннем і друкам. Разам з тым адкрываюцца і запальваюцца новыя таленты, творчыя пошукі якіх знаходзяць сваю рэалізацыю ў новых праектах. Так, сёлета з’явіўся літаратурны дадатак “Іскрынка”, які змяшчае пробы пяра вучняў школы. Многія праекты 2021 года звязаны са 100-годдзем з дня нараджэння народных пісьменнікаў Беларусі І.П.Мележа і І.П.Шамякіна. Напрыклад, “На100льная кніга мудрасці”, кішэнны варыянт цытатніка Івана Шамякіна, які знаёміць з асобай пісьменніка праз яго трапныя выказванні, цытаты з твораў.

У мэтах самаразвіцця і самаўдасканалення свае медыяпраекты прэс-цэнтр імкнецца прэзентаваць на раённых і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Адно з іх — рэспубліканскі фестываль-конкурс для пачынаючых журналістаў “Медыясфера”, які штогод праводзіць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Сёлета члены прэс-цэнтра “Адзінства” ў якасці фіналістаў прынялі ўдзел у двухдзённым фестывалі і атрымалі спецыяльны дыплом “За адметны погляд на свет” у намінацыі “Друкаваныя СМІ”.

Да перамогі пад “Пунсовымі ветразямі”

Фестываль “Медыясфера” і атрыманыя на ім майстар-класы ад прафесіяналаў у сферы медыя мабілізавалі на творчыя пошукі, сталі стымулам для руху наперад. Узыходжанне на вяршыню школьнай медыяпрасторы прэс-цэнтр “Адзінства” ажыццявіў пад “Пунсовымі ветразямі”. Удзел у ХVІІІ Рэспубліканскім фестывалі школьных СМІ “Пунсовыя ветразі” прынёс доўгачаканую перамогу: прафесійным журы “Ліхтарык” прызнаны лепшай школьнай газетай у краіне (дыплом І ступені). Члены прэс-цэнтра “Адзінства” ўдзячныя рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” і рэдакцыі часопіса “Народная асвета” (РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”) за магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці і высокую ацэнку іх работы на ніве школьнага друку. Але ж галоўнае не перамогі і ўзнагароды, а тыя карысныя навыкі, якія набываюць дзеці ў прэс-цэнтры: паслядоўнасць выкладання думак, уменне дакладна тлумачыць свой пункт гледжання, творчы падыход да даручанай справы і многія іншыя навыкі, што несумненна спатрэбяцца ім у жыцці.

Ірына АНАЦКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік школьнага прэс-цэнтра “Адзінства” Каранёўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Светлагорскага раёна.