Адчуць сябе брокерам

Упершыню на эканамічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прайшоў інтэлектуальны конкурс “У свеце эканомікі”.

Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы 9—11 класаў. Конкурс праводзіўся ў вочна-завочнай форме ў два туры. Першы прадугледжваў завочны ўдзел на платформе Moodle. Заданні былі падзелены на чатыры блокі: “Эканамічная тэорыя”, “Маркетынг”, “Фінансы” і “Эканамічная інфарматыка”. У кожным было па два заданні. На­прыклад, па кірунку “Маркетынг” ­удзельнікам прапаноўвалася адчуць сябе ўладальнікамі кафэ, а потым выступіць у ролі экспертаў па стратэгічным маркетынгу і сфармуляваць рэкамендацыі па развіцці карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці для новага беларускага прадпрыемства па вытворчасці цацак для дзяцей. Па кірунку “Фінансы” заданні падразумявалі разгадванне крыжаванкі, што дазволіла выявіць агульны ўзровень фінансавай дасведчанасці, а потым удзельнікам конкурсу прапанавалі адчуць сябе фінансавымі брокерамі.

У блоку “Эканамічная інфарматыка” першае заданне ўяўляла сабой крыжаванку, адказы на якую патрабавалі ведаў у галіне інфармацыйных тэхналогій. У заданні другога ўзроўню складанасці неабходна было разабрацца ў прадстаўленым алгарытме матэматычнай задачы і вылічыць значэнні пераменных. Заданні па кірунку “Эканамічная тэорыя” дазволілі прадэманстраваць свае веды па прадмеце “Грамадазнаўства”, а таксама ўменне прымяняць іх на практыцы.

Фінальны тур конкурсу прайшоў ужо ў сценах універсітэта. Удзельнікі выконвалі тэсты, якія закраналі асноўныя пытанні тэорыі і прак­тыкі па кожным з чатырох кірункаў. Пасля тэсціравання супрацоўнікі факультэта расказалі пра магчымасці і перавагі навучання на эканамічным факультэце.

Першае месца ў інтэлектуальным конкурсе “У свеце эканомікі” заняла вучаніца сярэдняй школы № 55 Гомеля Хрысціна Сянчура. Другое — навучэнка Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа Дзіяна Андрэева. Трэцяе — навучэнка гэтай жа ўстановы Вікторыя Белік.

Рашэннем журы адзначаны пераможцы ў розных намінацыях. У намінацыях “Фінансы” і “Маркетынг” пераможцай стала навучэнка сярэдняй школы № 60 Гомеля Надзея Боева. У намінацыях “Эканамічная тэорыя” і “Эканамічная інфарматыка” перамаглі навучэнкі Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа Юлія Савіцкая і Яўгенія Патапенка адпаведна, якія набралі больш за ўсіх балаў па названых кірунках.

Усе ўдзельнікі прадэманстравалі добрыя тэарэтычныя веды і цікавыя практычныя падыходы да рашэння задач, падышлі да выканання заданняў конкурсу вельмі адказна, творча і паказалі высокі ўзровень эканамічнай эрудыцыі.

Наталля ШАЛУПАЕВА,
намеснік дэкана эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.