Аб правах — гуляючы!

У інтэграванай групе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы рэалізаваны міні-праект “Аб правах — гуляючы!”. Дашкаляты здзейснілі цiкавае падарожжа ў свет правоў чалавека праз цыкл трэнінгавых заняткаў у форме гульнявых і пазнавальных сітуацый, якія спрыяюць асэнсаванню дзецьмі іх правоў, развіццю ў іх пачуцця ўласнай годнасці, цярпімасці і павагі да ўсіх людзей.

Выхаванцы мелі магчымасць пазнаваць навакольны свет на ўласным вопыце: назіралі, як ставяцца блізкія людзі адно да аднаго, ці прабачаюць яны крыўду, імкнуліся зразумець, што радуе і што засмучае сяброў і родных. Спрыялi развіццю эмпатыi і эмацыянальнай спагадлівасці ў дзяцей, а значыць, і рэалізацыі права на сяброўства, увагу, клопат, гульні i гульнявыя практыкаваннi “Рукі знаёмяцца, рукі сварацца, рукі мірацца”, “Павадыр”, “Сябар, дружа, станавіся ў кружочак”, “Адгадай па голасе”.

Азнаямленне з правамі дзіцяці праходзіла на прыкладзе добра знаёмых дзецям казак “Чырвоная Шапачка”, “Воўк і сямёра казлянят” — права на жыццё, “Тры парасяці” — права на жыллё, “Золушка” — права на адпачынак, “Доктар Айбаліт” — права на медыцынскую дапамогу, “Бураціна” — права на адукацыю, “Зайчыкава хатка” — права на недатыкальнасць жылля.

На занятках “Я маю права” дзецi пазнаёміліся з правам жыць і выхоўвацца ў сям’і, абмеркавалі, што такое сям’я, чаму кажуць: “Бацькоўскае сэрца — у дзетках”, чаму трэба дапамагаць старэйшым членам сям’і. Дзеці з задавальненнем расказвалі пра тое, як бацькі праяўляюць клопат пра сваё дзіця, але не забыліся пра тое, што і дзеці павінны дапамагаць бацькам. Практыкаванне “Сагрэйце птушачку” дапамагло дзецям адчуць, як прыемна і адказна пра каго-небудзь клапаціцца. Разам з бацькамі нашы выхаванцы стварылі герб сям’і, расказалі аб сямейных святах і традыцыях.

На занятках “Вашы правы, дзеці!” у даступнай форме засвоілі, што ў кожнага дзіцяці ёсць права на iмя. Дашкаляты атрымалі звесткі пра паходжанне імёнаў, іх значнасць, вырашалі праблемныя сітуацыі (“Ці можна жыць без імя і прозвішча”, “Калі б усіх звалі аднолькава”, “Я заблудзіўся”), успаміналі назвы гарадоў, песні, у якіх прысутнічаюць імёны людзей; успомнілі імёны людзей з такімі ж імёнамі, як і ў iх. Веды аб праве на імя дзецi замацавалі ў дыдактычных гульнях “Рэха” (дзеці прадстаўляліся так, як бы яны хацелі, каб іх называлі), “Ланцужок імёнаў”, “Назаві мяне ласкава”, “Назаві мяне поўным імем”. У ходзе заняткаў дашкольнiкi пазнаёміліся з першым дакументам, які атрымлівае дзіця пасля нара­джэння, — пасведчаннем аб нараджэнні — і вырабілі сабе цацачны пашпарт: на першай старонцы — далонька, на другой — партрэт-“фатаграфія”, на трэцяй дзецi наклеілі малюнкі — сімвалы правоў дзіцяці.

Асновай для арганізацыі пазнавальных і этычных гутарак з’явіліся літаратурныя творы: прыгоды Маленькага Чалавека з кнігі “Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ў пераказе для дзяцей і дарослых” А.Усачова; цыкл пра дзяўчынку з iмем Свецік (“Як Свецік атрымала сваё прозвішча і імя”, “Як Свецік расла” з кнігі “Правы дзяцей у казках, малюнках і пытаннях” А.Лапацінай і М.Скрабцовай); аповесць-казка “Дабрадзей для ўсіх дзяцей” У.Ліпскага.

Дзякуючы прававой асвеце, дзіця не толькі засвойвае свае правы і абавязкі, але і разумее правы і абавязкі іншых людзей. Гэта дапамагае дзецям вучыцца ўзаема¬дзейнічаць у грамадстве як з аднагодкамі, так і з дарослымі людзьмі, быць талерантнымі адно да аднаго, умець вырашаць узнікаючыя ў штодзённым жыцці канфлікты прававымі спосабамі.

Данута ЛОБАЧ,
выхавальніца інтэграванай групы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.