23 каласы сямейнага вянка

Сёння прафесія прыёмных бацькоў настолькі ж вядомая, рэгламентаваная, распаўсюджаная, як прафесія настаўніка ў школе, выхавальніка ў дашкольнай установе, іншага педагагічнага работніка. 13 гадоў назад, калі мы з мужам Рыгорам пачыналі работу ў якасці бацькоў-выхавальнікаў дома сямейнага тыпу Глыбоцкага раёна, гэты кірунак быў яшчэ даволі новым, не правераным на практыцы ў нашым раёне. Аднак нам заўсёды хацелася мець вялікую сям’ю, рабіць шчаслівымі дзяцей, на долю якіх выпалі розныя жыццёвыя выпрабаванні, а дом сямейнага тыпу якраз і павінен быў вырашаць названыя задачы. 

Не было прафесійнага вопыту, не хапала ведаў, але ў адным цвёрда былі ўпэўнены: мы павінны для дзяцей, пазбаўленых бацькоўскага клопату, стварыць умовы для жыцця і развіцця, абараніць іх правы, падрыхтаваць да будучага самастойнага жыцця, сфарміраваць у іх сямейныя каштоўнасці, пазітыўную будучыню. 

Мы разумелі, што будаваць моцную гарманічную сям’ю няпроста, калі ў твой дом прыйшлі 7 абсалютна розных дзяцей. Пачыналі з фарміравання правіл, законаў, традыцый нашай сям’і. Стварылі свой герб — вянок з каласоў, аплецены стужкамі. Сфарміравалі асноўныя сямейныя правілы: павага, памяркоўнасць адно да аднаго, гатоўнасць дапамагчы — найважнейшае патрабаванне ўзаемаадносін; кожны павінен займацца карыснай справай, працаваць; шукаць і развіваць свае захапленні можа і павінен кожны; падарожжа, пазнанне славутасцей сваёй Радзімы і іншых краін зробіць нас разумнейшымі, цікавейшымі; актыўная жыццёвая пазіцыя — кожнаму; кожны мае права на зносіны з бацькамі, сваякамі. Вызначылі дэвіз сям’і: “Калі працуем, то дружна, калі адпачываем, то разам”, які дапамагае згуртаваць дзяцей, сфарміраваць у іх такія якасці, як узаемападтрымка і ўзаемадапамога. 

У вялікіх і малых справах год за годам складваліся і ўмацоўваліся сямейныя традыцыі. Усе важныя рашэнні, планаванне мерапрыемстваў мы ажыццяўляем на сямейным савеце, дзе прысутнічаюць усе дзеці. Гэта вучыць іх думаць, аналізаваць, прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, слухаць, чуць і разумець адно аднаго. Адчуванне патрэбнасці, важнасці і значнасці кожнага дзіцяці ў сям’і, умацаванне сяброўскіх адносін, радасць і добры настрой прыносіць святкаванне дзён нараджэння ўсіх членаў сям’і, хрысціянскіх і сямейных свят. Дзеці іх вельмі любяць, рыхтуюць цікавыя віншаванні, падарункі. У вольны час мы абавязкова гуляем разам з выхаванцамі ў розныя гульні, паказваем на прыкладзе, як прымаць правільныя рашэнні, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях, умець прайграваць і не падаць духам, радавацца чужой перамозе. Нягледзячы на тое, што жыццё нашай сям’і насычанае, усе вельмі занятыя, абавязкова збіраемся за адным сталом на сямейныя абеды — і гэта вельмі аб’ядноўвае нас. Сумеснае гатаванне ежы ўмацоўвае сямейнае адзінства і давер, фарміруе кулінарныя навыкі, правільныя адносіны да абавязкаў па кухні. Культуру паводзін, любоў, клопат, уменне шанаваць і паважаць усіх, хто побач, фарміруем праз рытуалы прывітання і развітання, такія як пажаданне добрага дня і добрых сноў, абдымкі пры вяртанні дадому. У нас бывае шмат гасцей: нашы землякі, людзі з добрай душой, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, госці з Амерыкі, Арменіі, Германіі, Францыі. Сустракаючы іх, мы абавязкова выпякаем прыгожы вялікі торт, запрашаем да стала, п’ём чай, гутарым. 

У кожнага з нашых дзяцей ёсць біялагічныя сем’і, сваякі, і мы выкарыстоўваем усе шляхі да аднаўлення страчаных дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Яны прыязджаюць у госці, мы абавязкова віншуем іх з днямі нараджэння і іншымі святамі, па магчымасці бываем у іх у гасцях. Усе нашы дзеці развіваюць свае здольнасці, наведваючы секцыі, гурткі і ўстановы дадатковай адукацыі розных напрамкаў, займаюцца цікавымі і карыснымі справамі дома. Наша сям’я актыўна ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Мы займалі прызавыя месцы ў праектах “Уладар сяла”, “Гаспадар зямлі”, “Тата, мама, я — турыстычная сям’я”, “Лідарград”, “Сям’я на ўсе часы”, “Тата, мама, я — футбольная сям’я”; у радыёмарафоне “Калі я стану вялікім”; у конкурсе фотаработ “У аб’ектыве — Глыбоччына”; у конкурсах “Мая гісторыя жыцця”, “Сур’ёзней няма куды”, “Творчая майстэрня “Навагодні каляндар — 2021”. На рэспубліканскім конкурсе творчых работ Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь “Права на дзяцінства” наш відэаролік “Мы маем права” атрымаў спецыяльны прыз. Наша Волечка за паспяхова выкананае заданне першага тура дабрачыннага праекта “Ты можаш” пабывала ў IT-лагеры, дзе вучылася асновам праграмавання, вэб-дызайну, журналістыцы. Выпускніца Лена была валанцёрам на ІІ Еўрапейскіх гульнях — 2019. Шмат іншых цікавых і карысных спраў можна доўга пералічваць. Свой вялікі дом робім утульным сваімі рукамі. Прыгожы добраўпарадкаваны двор праектавалі і стваралі таксама самі. Маем вялікі агарод з разнастайнымі культурамі, вялікі падворак, неабходную тэхніку, уключаючы мікрааўтобус і мотаблок, выдатны фруктовы сад, што таксама патрабуе ведаў, любові, працы і дае кожнаму дзіцяці магчымасць стаць больш умелым, дасведчаным, паспяховым, праявіць сваю значнасць як члену сям’і. 

Вельмі люблю і ганаруся сваёй вялікай, дружнай і шчаслівай сям’ёй. Нас ужо 23: мы, бацькі-выхавальнікі, і 21 прыёмнае дзіця. Гэта сямёра таварыскіх, рухавых, актыўных хлопчыкаў і адна вельмі добрая, прыязная і старанная дзяўчынка, якія выхоўваюцца ў нашай сям’і цяпер. Малодшыя вучацца ў Мерацкоўскім дзіцячым садзе — базавай школе, Оля і Ігар у бягучым годзе скончылі дзявяты клас і працягнуць навучанне ў Глыбоцкай раённай гімназіі і Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы. Усе дзеці таленавітыя. А яшчэ ёсць трынаццаць выхаванцаў, якія ўжо фармальна пакінулі наш дом і адправіліся ў самастойнае жыццё. Шасцёра атрымалі адукацыю і зараз паспяхова працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі краіны: абодва Жэні і Алег — на сельскагаспадарчых прадпрыемствах вобласці, Алёна — у будаўнічай кампаніі ў Віцебску, Саша — намеснік начальніка па тылавым забеспячэнні адной з воінскіх часцей у Слуцку, Ірына — спецыяліст па сацыяльнай рабоце ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Глыбоцкага раёна. Чацвёра працягваюць навучанне ва ўстановах адукацыі: Алена — студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Ваня — курсант Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, адна Насця — курсант Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, другая Насця — навучэнка Віцебскага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці. Трое — Алеся, Кацярына, Яраслаў — вярнуліся ў біялагічныя сем’і. Аднак, чаму мы вельмі радуемся і чым ганарымся, усе нашы хлопцы і дзяўчаты працягваюць зносіны паміж сабой, дапамагаюць адно аднаму ў складаных жыццёвых сітуацыях, часта наведваюць нас, нават прывозяць сваіх дзяцей, служаць малодшым дзецям прыкладам і ўжо дапамагаюць нам іх выхоўваць. Яны па-ранейшаму члены нашай сям’і, і наш дом для іх родны. А мы, як і многія іншыя бацькі-выхавальнікі, працягваем сваю вельмі важную і высакародную місію на зямлі: робім свет дабрэйшым, саграваем цяплом і клопатам тых, каму не пашанцавала знайсці гэтага ў бацькоўскім доме, выхоўваем дастойнага грамадзяніна, добрага чалавека, клапатлівага сем’яніна. У пачатку новага навучальнага года жадаю калегам невычэрпнай энергіі, творчасці, высокіх прафесійных дасягненняў, любові да сваёй прафесіі. Няхай вас ніколі не пакідае дух стварэння і аптымізму. Моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, міру і шчасця вам і вашым сем’ям!

Таццяна ГРАБКО,
маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.
Фота аўтара.