Свой шлях у інаватыку

На фарміраванне асобы чалавека ў многім уплываюць людзі, якія знаходзяцца навокал. Дзіця не нараджаецца з разуменнем дабра і зла, гэта выхоўваюць у ім дарослыя. Прывіццё агульначалавечых каштоўнасцей пачынаецца з дзіцячага садка.

Знагоды рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа” ў яслях-садзе № 22 Гомеля была праведзена духоўна-асветніцкая акцыя “Нарадзіліся мы ў Год культуры”.

“Дзяцінства — час развіцця ўсіх сіл чалавека, як душэўных, так і цялесных, час набыцця ведаў пра навакольны свет, час фарміравання маральных навыкаў і звычак. У дашкольным перыядзе ідзе актыўнае назапашванне маральнага вопыту, і зварот да духоўнага жыцця пачынаецца таксама ў дашкольным узросце з асобаснага самавызначэння і станаўлення самасвядомасці”, — адзначыла Наталля Замяціна, загадчык дашкольнай установы.Акцыя рыхтавалася сумесна з кіраўніком аддзела абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна, прадстаўнікамі Гомельскай епархіі, бацькоўскім камітэтам, гомельскай сярэдняй школай № 30 і метадыстам вучэбна-метадычнага кабінета. На мерапрыемства былі запрошаны калегі — кіраўнікі рэспубліканскіх інавацыйных пляцовак гомельскіх ясляў-садоў №№ 73, 111, 150, 153, 170, якія прыйшлі з музычнымі мультымедыйнымі віншавальнымі паштоўкамі ад сваіх выхаванцаў і педагогаў.

Асновай духоўна-маральнага выхавання з’яўляецца культура грамадства, сям’і і адукацыйнай установы — таго асяроддзя, у якім жыве дзіця, у якім адбываецца яго станаўленне і развіццё. Таму з першых дзён работы над інавацыйным праектам калектыў ясляў-сада № 22 імкнецца зрабіць знаходжанне дзяцей ва ўстанове цікавым і разнастайным. Для гэтага праводзяцца сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі і іншымі цікавымі людзьмі, экскурсіі ў храмы і бібліятэкі.

Зусім невыпадкова на адкрыццё інавацыйнай пляцоўкі была запрошана Вера Квяткоўская, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Душэўнае чытанне выхаванцамі сада твораў паэтэсы не пакінула раўнадушным ні аднаго ўдзельніка духоўна-асветніцкай акцыі.

Жывым гукам і песнямі напоўнілі музычную залу дашкольнай установы ўдзельнікі фальклорнага калектыву “Святы Пакроў” з сярэдняй школы № 30 Гомеля.

Загадчыкам дзіцячага аддзела абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна Наталляй Нікіцінай была падрыхтавана выстава “Духоўны свет праваслаўя”, дзе прэзентаваліся кнігі для сямейнага чытання на духоўна-маральную тэматыку.

“Толькі ўсе разам — адукацыйныя ўстановы, сям’я, царква, дзяржава — мы можам закласці ў чалавеку насенне любові да людзей і дабра, закласці асновы разумення таго, што трэба сапраўды спяшацца рабіць дабро, а не толькі і не столькі браць ад жыцця ўсё і дзейнічаць дзеля ўзбагачэння любым спосабам”, — падкрэсліла Наталля Замяціна.

Людміла БЫСТРОВА,
метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*

Мы ў сацыяльных сетках