Дзеці — чыстая кніга

Хто такія дзеці? Для нас дзеці — гэта адкрытая кніга з белымі пустымі старонкамі. Наколькі яна будзе цікавая для навакольных, залежыць ад таго, што мы туды ўпішам. Міласэрнасць, узаемадапамога, дабрыня — вось тыя словы, якія я хацела б укласці ў гэтую кнігу.

У наш час у пагоні за фінансавым дабрабытам мы сталі адсоўваць гэтыя якасці на другі план. І, гледзячы на нас, дзеці крочаць у свет, дзе кіруе выгада, грошы і задавальненні, не заўважаючы вакол сябе тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Таму вельмі дарэчы выйшла Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, адна з задач якой — фарміраванне талерантнасці ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Яслі-сад № 4 Хойнікаў наведваюць 33 дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для іх функцыянуе група інтэграванага навучання і выхавання і пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Хлопчыкі і дзяўчынкі заўсёды актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нашай установе і ў раёне, з задавальненнем наведваюць заняткі ў гуртках. І ні адно дзіця не адчувае абмежаванняў і дыскамфорту ў зносінах са сваімі аднагодкамі і педагогамі. Праца выхавальнікаў і іншых спецыялістаў пабудавана такім чынам, каб у дзетак былі роўныя магчымасці рэалізаваць свой патэнцыял. Больш праблем узнікае з бацькамі, якія пакуль што з асцярогай ставяцца да таго, што іх дзеці будуць знаходзіцца ў групе з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Але дзякуючы таму, што мы запрашаем бацькоў на святы, дні адкрытых дзвярэй, майстар-класы, розныя выставы, якія праходзяць ва ўстанове, дзе мамы і таты з’яўляюцца не пасіўнымі назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі, яны мяняюць сваё меркаванне.

Нядаўна мы праводзілі ў садзе спартыўную забаву “У гасцях у кропелькі”, дзе гасцямі сталі выхаванцы суседняга санаторнага сада, якія маюць парушэнні апорна-рухальнага апарату. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем хварэлі за каманды, удзельнікамі якіх былі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На працягу мерапрыемства ў зале панавала атмасфера здаровага саперніцтва, узаемадапамогі, весялосці, ніхто не адчуваў сябе “не такім, як усе”. І самае галоўнае, што не толькі дзеці з асаблівасцямі не адчувалі гэтага, але і іх здаровыя аднагодкі не заўважалі іх праблем і прымалі як паўнавартасных партнёраў.

Упэўнена: гэтае мерапрыемства дазволіць запоўніць чыстую старонку ў “адкрытай кнізе”, закласці ў душах нашых дзяцей правільныя ўяўленні, у тым ліку аб талерантнасці беларусаў.

Жанна КУМПЯК,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 4 Хойнікаў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*

Мы ў сацыяльных сетках