Музейныя ўрокі

Важнае месца ў выхаваўчай прасторы Смаргонскага раёна належыць краязнаўчай дзейнасці. Пошукава-даследчыя экспедыцыі, творчыя праекты і конкурсы, краязнаўчыя канферэнцыі, акцыі, паходы і экскурсіі па родным краі, размовы з удзельнікамі і сведкамі даўніх падзей — вось няпоўны пералік форм і відаў дзейнасці, арганізаваных з навучэнцамі раёна.

Фарміраванню грамадзянскіх кампетэнцый праз вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы садзейнічалі раённыя праекты “Брэнды Смаргоншчыны” і “Мая спадчына”, якія ўяўлялі сабой цыкл узаемазвязаных педагагічных падзей, што аб’ядналі намаганні суб’ектаў рознага ўзроўню. Цікавымі для кожнага ўдзельніка сталі гісторыка-краязнаўчы вэб-квест “Краіна Беларусь”, флэш-акцыя “У рытме пазітыву”, праект-практыкум “Я” ідэальнае і “я” рэальнае”, акцыі-прэзентацыі “Малюю герб сваёй сям’і” і “Героі Вялікай Айчыннай вайны Смаргоншчыны”, краязнаўчыя чытанні “Спадчына смаргонскай зямлі”, праведзеныя сумесна са Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеем, музеем-сядзібай М.К.Агінскага і музеем-сядзібай Францішка Багушэвіча “Кушляны”. Па ініцыятыве народнага гісторыка-краязнаўчага музея гімназіяй Смаргоні рэалізаваны праект “70 крокаў да Вялікай Перамогі”.Важную ролю ў выхаванні вучняў, захаванні гістарычных, культурных і прыродных каштоўнасцей, а таксама ў пашырэнні сярод дзяцей і моладзі ведаў пра значныя падзеі мінуўшчыны і сучаснасці адыгрываюць музеі ўстаноў адукацыі, якіх налічваецца чатырнаццаць, і тры музейныя пакоі. Званне “народны” маюць і паспяхова пацвярджаюць тры музеі: гісторыка-краязнаўчы музей гімназіі Смаргоні, гісторыка-этнаграфічны музей сярэдняй школы № 5 Смаргоні, гісторыка-краязнаўчы музей Крэўскага ясляў-сада — сярэдняй школы. Крэўскі яслі-сад — сярэдняя школа і Жодзішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа, гімназія Смаргоні, сярэдняя школа № 7 Смаргоні прызначаны як апорныя ў краязнаўчым напрамку.

У адпаведнасці з Комплекснай праграмай выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Смаргонскім раёне адбыўся фестываль музейных заняткаў “Мазаіка музейнай творчасці”, галоўнымі задачамі якога былі фарміраванне ў навучэнцаў пачуцця прыналежнасці да гісторыі і культуры свайго народа, выкарыстанне патэнцыялу музеяў для духоўнага і патрыятычнага выхавання, рэалізацыя нетрадыцыйнага падыходу да адукацыі, заснаванага на зацікаўленасці навучэнцаў даследчай, праектнай дзейнасцю, пашырэнні магчымасцей заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў.

З мэтай адраджэння і пераймання традыцый рэгіянальнай культуры, выяўлення і заахвочвання лепшых музеяў, папулярызацыі вопыту іх даследчай і культурна-асветніцкай дзейнасці адбылася творчая справаздача актываў 14 музеяў, падчас якіх былі прадстаўлены раздзелы экспазіцыі, напрамкі работы, фондавая і навукова-асветніцкая дзейнасць, выкарыстанне ІКТ у дзейнасці музея, вынікі даследаванняў і арыгінальныя формы прадстаўлення (“Музей у чамадане”, “Кірмаш”).Інавацыйныя падыходы ў арганізацыі музейнай дзейнасці былі прадэманстраваны на раённым злёце музеяў адукацыі раёна. У праграме злёту дэлегацыі музеяў прадставілі візітоўку і эмблему музея, стэнд “70-годдзю Вялікай Перамогі”, на якім былі размешчаны разнастайныя метадычныя і іншыя матэрыялы, творчую экскурсію “Гісторыя аднаго экспаната”.

За тры гады больш за 50 вучэбных (факультатыўных) заняткаў былі прадстаўлены на фестывалі музейных урокаў. Назапашаны багаты вопыт правядзення музейных заняткаў не толькі па гісторыі, геаграфіі і літаратуры, але і па тых прадметах, якія, здавалася б, зусім немагчыма злучыць з музеязнаўствам. Так, цікавыя і змястоўныя атрымаліся заняткі па матэматыцы і фізіцы, замежнай мове і біялогіі, інфарматыцы, працоўным навучанні і спевах. Вучні вельмі старанна рыхтуюцца да музейных урокаў. Засваенне нават самых складаных тэм праходзіць на павышаным узроўні.

Нельга не адзначыць педагогаў гімназіі Смаргоні, якія сталі першапраходцамі ў правядзенні музейных урокаў. Першым быць заўсёды складана і адказна, але настаўнікі прафесійна падрыхтавалі ўрокі па беларускай мове (Л.Э.Букліс), матэматыцы (В.М.Скальская), англійскай мове (А.В.Кісялевіч). Вопытныя спецыялісты змаглі прыцягнуць да карыснай справы і маладых педагогаў, і тых, хто сумняваўся ў поспеху.

Цікавымі атрымаліся нетрадыцыйныя музейныя ўрокі настаўнікаў Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы па беларускай літаратуры ў 7 класе (Н.М.Сідарава), музыцы ў 1 класе (В.Ф.Буко), англіскай мове ў 5 класе (А.В.Канапацкая). Жывое судакрананне з гісторыяй Смаргоншчыны адбылося на нядаўнім фестывалі музейных урокаў у Вой-стамскім яслях-садзе — базавай школе на ўроках фізікі (У.А.Барысевіч), факультатыўных занятках па эканоміцы (С.Э.Махнач), беларускай мове (С.І.Насякайла).Музейныя ўрокі дазваляюць настаўніку ажывіць тэму экспанатамі, біяграфіямі жыхароў роднага краю, творчымі сустрэчамі з імі. Да гэтых заняткаў рыхтуюцца ўсе вучні, яны раскрываюць свае здольнасці, пераймаючы веды ад бацькоў, дзядуляў і бабуль. Часта фестывалі музейных урокаў пачынаюцца паказам-прэзентацыяй школы, а завяршаюцца Войстамскім кірмашом. Менавіта тут вучні, бацькі і настаўнікі найбольш поўна знаёмяцца з гісторыяй малой радзімы. Чаго толькі няма на кірмашы: самаробныя прылады, булачкі, пернікі, сурвэткі, мастацкія вырабы. Гэта свята для душы, рэфлексія музейных урокаў.

Кожны праведзены ўрок абмяркоўваецца за круглым сталом, настаўнік дае аналіз урока, слухае парады калег. Усе разам яны ўзбагачаюць свой вопыт, каб паспяхова крочыць далей.

Акрамя таго, распрацавана аўтарская праграма курса “Смаргонезнаўства” з метадычным дапаможнікам. Праграма ўжо апрабавана яе аўтарам настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Смаргоні Р.А.Шчасным і ў найбліжэйшы час будзе разглядацца для прымянення яе ў школах Смаргоншчыны.

Расціслаў ШЧАСНЫ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Смаргоні,
кандыдат педагагічных навук, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь;
Вольга ВАСІЛЕНКА,
загадчык аддзела турысцка-краязнаўчай работы
Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*

Мы ў сацыяльных сетках