Ад крэатыўных педагогаў — да творчых вучняў

Галоўная ўмова прагрэсіўнага развіцця грамадства — творчы чалавек, здольны знаходзіць шляхі для дасягнення пастаўленай мэты і арыентавацца ў незнаёмых сітуацыях. Таму паспяховае развіццё крэатыўнасці дзяцей — адна з важных задач педагогаў дадатковай адукацыі, вырашэнне якой залежыць не толькі ад здольнасцей вучняў, але і ад прафесійнага майстэрства іх настаўнікаў.

У Цэнтры дзіцячай творчасці Лунінца вялікая ўвага ўдзяляецца метадычнай рабоце з педагогамі дадатковай адукацыі, ствараюцца ўмовы для павышэння іх кампетэнцыі ў выяўленні, падтрымцы і развіцці крэатыўнай моладзі. Праводзяцца семінары, прысвечаныя педагагічным аспектам развіцця крэатыўнасці асобы ў сацыякультурнай сферы. Гэта дазваляе прагназаваць развіццё творчай асобы і ствараць умовы для яе паўнавартаснай самарэалізацыі. Ладзяцца круглыя сталы, дзе абмяркоўваюцца сучасныя праблемы навучання, развіцця і выхавання дзяцей шляхам арганізацыі іх творчай дзейнасці, шукаюцца эфектыўныя шляхі вырашэння праблемных пытанняў. У рамках раённых метадычных аб’яднанняў і школы перадавога педагагічнага вопыту праходзяць практыкумы, падчас якіх педагогі выступаюць у ролі вучняў. Такія заняткі дазваляюць адчуць уплыў творчага асяроддзя на ўласную дзейнасць, фарміруюць і развіваюць матывацыю да работы з творчымі дзецьмі. Практыкумы праводзяцца ў форме майстар-класаў, педагагічных гасцёўняў, фестываляў педагагічных ідэй і інш.
Стала добрай традыцыяй ладзіць навагоднюю педагагічную гасцёўню. Штогод напярэдадні свята метадычная служба арганізоўвае сустрэчу педагогаў, якія разам займаюцца цікавымі заняткамі: упрыгожваюць навагоднюю ёлку цацкамі, зробленымі сваімі рукамі, шукаюць адметныя факты і традыцыі, звязаныя са святкаваннем Новага года, даследуюць гісторыю ёлачных цацак і г.д. Выступаючы ў ролі дзяцей, педагогі выбіраюць найбольш эфектыўныя для развіцця творчых здольнасцей выхаванцаў метады, прыёмы і спосабы тэарэтычнай і практычнай дзейнасці. Галоўная мэта такой формы работы — навучанне ў сумеснай творчасці, падчас якой вырабляюцца арыгінальныя ёлачныя ўпрыгажэнні з саломы, фетру, паперы, гузікаў, шпілек і іншых матэрыялаў. Педагогі працуюць у падгрупах, але спаборнічаюць не адно з адным, а з сабой, уласнымі дасягненнямі і вопытам. Падчас сумеснай творчасці яны з задавальненнем дзеляцца сакрэтамі паспяховай педагагічнай дзейнасці, пасля чаго прэзентуюць ёлачныя ўпрыгажэнні ў вершаванай форме. Завяршаецца сустрэча навагоднімі віншаваннямі Дзеда Мароза і Снягуркі, вясёлымі гульнямі і чаяваннем. Мерапрыемства ператвараецца ў сапраўднае навагодняе свята. А назапашаныя матэрыялы педагогі выкарыстоўваюць у рабоце з дзецьмі.

Адкрытыя заняткі “У гасцях у аб’яднання па інтарэсах…” таксама праходзяць цікава, пазнавальна і эмацыянальна насычана. На іх прысутнічаюць педагогі разам з выхаванцамі, якія далучаюцца да розных відаў мастацтва, выпрацоўваюць уменні хутка арыентавацца і працаваць у новай, незнаёмай сітуацыі, неабходнай для развіцця крэатыўнага мыслення.

Вялікая ўвага ўдзяляецца правядзенню майстар-класаў для педагогаў, падчас якіх актыўна прапагандуецца інавацыйны вопыт работы. Творчая дзейнасць педагога не абавязкова з’яўляецца інавацыйнай, але інавацыйная дзейнасць заўсёды прадугледжвае крэатыўны падыход. На майстар-класах педагогі знаёмяцца з нетрадыцыйнымі тэхнікамі і прыёмамі на практыцы: аздабляюць сурвэткі ў тэхніцы дэкупаж, прымяняюць тэхніку гратаж, вырабляюць лялькі з нетрадыцыйных матэрыялаў цікавымі спосабамі і інш. Акрамя таго, на майстар-класах дэманструюцца мультымедыйныя прэзентацыі па розных тэмах, ладзяцца выставы творчых работ вучняў, прапаноўваецца метадычная літаратура. Арганізатары вельмі сур’ёзна падыходзяць да падрыхтоўкі такіх заняткаў, таму яны заўсёды атрымліваюцца яркімі і запамінальнымі, натхняюць на новыя творчыя ідэі.

Метадысты цэнтра плённа працуюць над вывучэннем, абагульненнем і распаўсюджваннем вопыту педагогаў па тэмах, звязаных з развіццём дзіцячай крэатыўнасці: “Асобасна арыентаваны падыход у арганізацыі навучання выяўленчаму мастацтву як аснова развіцця крэатыўнасці дзяцей”, “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі як сродкі выхавання і развіцця творчай і крэатыўнай асобы вучняў”, “Развіццё творчых здольнасцей вучняў на занятках выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва шляхам арганізацыі групавых і індывідуальных форм работы”.

Добра арганізаваная работа дае станоўчыя вынікі: крэатыўныя педагогі выхоўваюць ініцыятыўных і творчых вучняў, якія займаюцца любімай справай, удзельнічаюць і перамагаюць у розных выставах, аглядах, конкурсах і фестывалях, выступаюць на прэстыжных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных канцэртных пляцоўках і нават здымаюцца ў тэлеперадачах.

Тры калектывы цэнтра з’яўляюцца ўзорнымі: вакальны ансамбль “Залатое птушаня” (кіраўнік Галіна Мікалаеўна Гімбатава), фальклорны ансамбль “Сунічка” (кіраўнік Уладзімір Каленікавіч Калянковіч) і ансамбль бальнага танца “Мірыданс” (кіраўнік Святлана Адамаўна Галка).

Ствараючы ўмовы для развіцця педагогаў у прафесійнай дзейнасці, мы садзейнічаем выхаванню моладзі з крэатыўным мысленнем.

Вольга ШОХАН,
загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці Цэнтра дзіцячай творчасці Лунінца.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*

Мы ў сацыяльных сетках