Бяспецы вучымся разам

Практычна кожны чалавек хоць раз у жыцці аказваецца ў экстрэмальнай сітуацыі, якая патрабуе максімальнага напружання волі і сіл, умення хутка ацаніць тое, што адбылося, і выбраць найбольш эфектыўны спосаб абароны і ратавання.

Праграмай да дзеяння з’яўляецца патрабаванне, выкладзенае ў Дырэктыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”: “…арганізаваць ва ўсіх калектывах і па месцы жыхарства грамадзян навучанне па дзеяннях ва ўмовах надзвычайных сітуацый”.

Найбольш неабароненая і ўразлівая частка насельніцтва — дзеці. Спазнаючы навакольны свет, іншы раз дашкольнікі трапляюць у сітуацыі, якія пагражаюць іх жыццю і жыццю тых, хто іх акружае. Бацькі, на жаль, удзяляюць мала ўвагі навучанню дзяцей правілам бяспекі. Часта яны абмяжоўваюцца банальнымі забаронамі, што выклікае ў дзіцяці толькі большую цікаўнасць. Таму сёння вельмі актуальным бачыцца выпрацаваць у дзяцей навыкі бяспечных паводзін.На працягу 5 гадоў яслі-сад № 5 Светлагорска супрацоўнічае ў пытаннях бяспечнай жыццядзейнасці выхаванцаў з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Мэта сумеснай работы — сфарміраваць у дзяцей асноўныя паняцці аб небяспечных для жыцця сітуацыях і асаблівасцях паводзін у іх. Работа праводзіцца з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу па двух асноўных напрамках: захаванне індывідуальнай бяспекі, якая ўключае фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін у розных сітуацыях, і арганізацыя калектыўнай бяспекі, якая ўключае стварэнне абароненай прасторы, умоў для камфортнай жыццядзейнасці.

Нельга гаварыць аб правілах паводзін у надзвычайных сітуацыях, не згадаўшы пра створаныя для гэтага ўмовы. Так, у яслях-садзе ўсталявана сістэма абвяшчэння аб пажары, ёсць супрацьпажарнае абсталяванне, сродкі абароны і пажаратушэння. Для дзяцей на тэрыторыі размешчана стацыянарная гульнявая пляцоўка “Гарадок бяспекі”, у групавых памяшканнях створаны куткi пажарнай бяспекі, у якіх аформлены макеты пажарнай часці, пажарных машын, атрыбутаў для тушэння пажару, прадстаўлена форма пажарнага. Інфармацыйныя стэнды для бацькоў змяшчаюць карысную інфармацыю ў галіне фарміравання асноў бяспекі. У метадычным кабінеце ёсць неабходнае навукова-метадычнае забеспячэнне, сумесна з РАНС створана бібліятэка.Для арганізацыі сістэмнай работы з РАНС вызначана некалькі кірункаў. Па-першае, знаёміць з прафесіяй пажарнага. Сустрэча з супрацоўнікам пажарнай службы мае вялікае значэнне для дашкалят. Для фарміравання цікавасці да работы пажарных, уяўлення аб рабоце баявога разліку, пажарнай тэхнікі мы распрацавалі цыкл заняткаў і экскурсій. Дзеці могуць пазнаёміцца з байцамі МНС і на свае вочы ўбачыць пажарную тэхніку. Па-другое, неабходна фарміраваць пачуццё павышанай небяспекі ад агню. Для работы ў гэтым напрамку мы выкарыстоўваем элементы пошукавай дзейнасці, праблемнага навучання і мадэлявання, эўрыстычныя гутаркі. Намі створана картатэка доследаў і дыдактычных гульняў, якая дазваляе сфарміраваць пэўнае стаўленне да небяспечных прадметаў. Трэці кірунак — разумець неабходнасць захавання правіл бяспекі. Тут важна не толькі тое, каб дзеці засвоілі правілы пажарнай бяспекі, але і маглі выконваць іх у жыцці. Асаблівую ролю мы адводзім гульнявым сітуацыям і гульнявым персанажам. І, нарэшце, апошні кірунак — вучыць, што рабіць у выпадку пажару, выпрацоўваць пэўную мадэль паводзін.

Вядома, многае залежыць не толькі ад створаных ва ўстанове ўмоў, але перш за ўсё ад чалавечага фактару, гэта значыць, ад дасведчанасці і кампетэнтнасці людзей, ад іх зладжанай сумеснай работы, ад падрыхтаванасці выхаванцаў. У яслях-садзе № 5 распрацавана сістэма навучання работнікаў паводзінам у надзвычайных сітуацыях, якая ўключае ў сябе адпрацоўку сумесна з супрацоўнікамі МНС планаў эвакуацыі са складаннем адпаведных актаў, тэсціраванне па правілах пажарнай бяспекі, правядзенне практыкуму “Школа бяспекі”, работу добраахвотнай пажарнай дружыны. Пры арганізацыі метадычнай работы з педагогамі мы выкарыстоўваем семінары-практыкумы, дзелавыя гульні, псіхалагічныя трэнінгі.

Вынікам нашай работы стала перамога ў 2014 годзе ў абласным аглядзе-конкурсе “Бяспечнае дзяцінства” ў намінацыі “Наватары”. Ужо традыцыйна педагогі і дзеці нашай дашкольнай установы ўдзельнічаюць у абласным аглядзе-конкурсе самадзейнай творчасці сярод работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.

Мы разумеем, што засваенне дзецьмі правіл бяспекі немагчыма без эфектыўных форм супрацоўніцтва з сям’ёй. Таму будуем работу так, каб бацькі з пасіўных слухачоў станавіліся актыўнымі ўдзельнікамі. Мы прапаноўваем актыўныя формы работы з удзелам супрацоўнікаў РАНС, МНС. Гэта патрыятычная гульня “Зарніца”, спартландыя, сюжэтная гульня “За маладзільнымі яблыкамі”, сямейны клуб “Ветразь надзеі” і іншыя.

Такім чынам, выхаванне свядомага падыходу да пытанняў бяспекі ў дзяцей, педагогаў і бацькоў дазволіла нам не толькі навучыцца правільна дзейнічаць у пэўных сітуацыях, але і засвоіць стэрэатып адказных паводзін.

Галіна КАСТКО,
загадчыца ясляў-сада № 5 Светлагорска.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*

Мы ў сацыяльных сетках