Супрацоўніцтва, узаемадзеянне і ўзаемаабагачэнне

Полікультурнае выхаванне дашкольнікаў

Паколькі дашкольны ўзрост — перыяд, калі пачынае фарміравацца базіс асобаснай культуры, то гэта найбольш спрыяльны час для развіцця ў дзяцей цікавасці і павагі да роднай культуры, выхавання добразычлівага стаўлення да людзей рознай этнічнай прыналежнасці. Сярод нашых выхаванцаў ёсць дзеці іншых нацыянальнасцей, таму навучыць дашкольнікаў разумець багацце культур нашага свету, формы самавыяўлення і спосабы праяўлення чалавечай індывідуальнасці з’яўляецца актуальнай задачай дашкольнага выхавання.

Унашай установе асновай выхавання і навучання з’яўляецца авалоданне выхаванцамі роднай беларускай і рускай мовамі, знаёмства дзяцей з традыцыямі, звычаямі і культурай розных народаў, фарміраванне сацыяльных уменняў, якія развіваюць імкненне жыць у міры і згодзе з людзьмі іншых нацыянальнасцей, выхаванне маральна-патрыятычных пачуццяў дашкольнікаў.
Задачы полікультурнай адукацыі і асноўныя базавыя задачы дашкольнай адукацыі вырашаюцца ў комплексе. Змест полікультурнага выхавання будуецца вакол чатырох арыенціраў: сацыякультурнай ідэнтыфікацыі асобы; засваення сістэмы паняццяў і ўяўленняў аб полікультурным асяроддзі; выхавання станоўчага стаўлення да полікультурнага асяроддзя; развіцця навыкаў сацыяльных зносін. Работа нашай дашкольнай установы па гэтым напрамку ажыццяўлялася ў розных формах. Працуючы з выхаванцамі, мы імкнёмся выкарыстоўваць на занятках фальклор ва ўсіх яго праяўленнях. Насычаем тэматычнай інфармацыяй мерапрыемствы і гульні, праводзім пазнавальныя гутаркі, святы і забавы, музейна-педагагічныя заняткі, народныя карагодныя і рухавыя гульні. Акрамя таго, распрацавалі цэлы цыкл заняткаў па полікультурным выхаванні “Беларусь — імя Радзімы маёй” для дзяцей сярэдняй групы (4—5 гадоў) і “Музей рускіх народных промыслаў і забаў” для дзяцей старшай групы (5—6 гадоў). А для большай нагляднасці таго, што вывучаецца, у групах і фае створаны куткi па патрыятычным выхаванні і куткі дзяржаўнай сімволікі.

З педагогамі работу ў гэтым напрамку будуем праз прафесійныя кансультацыі, практыкумы “Выхаванне патрыятызму ў дзяцей дашкольнага ўзросту”, “Узаемадзеянне дашкольнай установы і сям’і па полікультурным выхаванні”, “Народныя гульні ў полікультурнай адукацыі”, “Метады выхавання талерантнасці ў дзяцей” і інш. Рэгулярна праводзім для выхавальнікаў метадычныя тыдні “Фарміраванне маральна-патрыятычных пачуццяў у выхаванцаў праз выкарыстанне ІКТ”, “Дружна разам мы жывём!”.Сувязь сямейнага выхавання і полікультурнай адукацыі дзяцей вызначаецца паняццямі “супрацоўніцтва”, “узаемадзеянне” і “ўзаемаўзбагачэнне”. Таму мы стараемся ўсталёўваць партнёрскія адносіны з сям’ёй кожнага выхаванца, праводзім выставы і фотавыставы сумеснай творчасці, гутаркі, кансультатыўныя сустрэчы, тэматычныя тыдні і г.д.

Калі знаёмства з нацыянальнымі традыцыямі будзе насіць комплексны характар, пранізваць усе віды дзейнасці дашкольнікаў, ажыццяўляцца ў штодзённым жыцці, на занятках і ў гульнях, то мы, дарослыя, зможам выхаваць у дзяцей любоў да сваёй Радзімы, да сваёй нацыі, талерантнае стаўленне да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Талерантнасць не перадаецца па спадчыне, у кожным пакаленні гэтую якасць трэба выхоўваць зноў і зноў, і чым раней пачынаецца яе фарміраванне, тым большую ўстойлівасць яна набывае. У народнай педагогіцы існуе той разумны механізм, які развівае ў чалавеку “жыццёвае ўменне”, дзе этыка нацыянальных адносін — гэта здольнасць кожнага жыць у міры і згодзе з сабой і навакольным светам.

Наталля ГОБАРАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 7 г.п.Круглае.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*

Мы ў сацыяльных сетках